РУС БЕЛ ENG

Сярэдняя група. Выхаванцы ад 4 да 5 гадоў

Мэта: фарміраванне ўстойлівай цікавасці і станоўчых адносін да беларускай мовы, жаданне авалодаць ёй; станаўленне рэпрадуктыўнага маўлення дзяцей на беларускай мове.
Задачы:
развіваць: элементарныя навыкі зносін на беларускай мове;
фарміраваць: уменне адрозніваць беларускае і рускае маўленне; навыкі ўзнаўлення кароткіх літаратурных твораў на беларускай мове;
выхоўваць: асновы нацыянальнага светапогляду. 

Маўленчыя зносіны
Развіваць уменні: пры садзейніцтве дарослага наладжваць беларускамоўныя зносіны па змесце твораў
мастацкай літаратуры і фальклору (беларускія народныя пацешкі, казкі, творы беларускіх пісьменнікаў для дзяцей); самастойна разумець маўленне дарослага, адказваць на яго пытанні.
Фарміраваць уменні:уважліва слухаць мастацкія творы на беларускай мове, адказваць на пытанні па іх
змесце; выкарыстоўваць варыятыўныя формы прывітання, развітання, падзякі, звароту з просьбай (добрай раніцы, добры дзень, добры вечар, дабранач, да пабачэння, дзякуй, калі ласка, смачна есці, прабач);
адрозніваць, параўноўваць, аналізаваць словы прывітання, развітання, падзякі, звароту з просьбай. 

Слоўнік
Фарміраваць уменне называць прадметы навакольнага асяроддзя, іх якасці, дзеянні, матэрыялы, з якіх яны зроблены; выкарыстоўваць у маўленні словы, якія абазначаць відавыя і родавыя паняцці (цацкі, посуд, адзенне, мэбля).

Граматычны лад маўлення
Фарміраваць уменні ўтвараць склоны назоўнікаў: родны (санак, лыжак, лялек), месны (на назе, у руцэ, на двары), давальны (дапамагчы Аленцы, дапамагчы Янку); загадны лад дзеясловаў (мый, сядай, пі, паскачы); формы 3-й асобы адзіночнага і множнага ліку дзеясловаў (ідзе, піша, малюе, варыць, гуляюць, хочуць); асаблівасці роду некаторых назоўнікаў (смачны яблык, калматы сабака); множны лік назоўнікаў (дамы, лясы, вокны).

Гукавая культура маўлення
Фарміраваць уменне правільна вымаўляць спецыфічна беларускія гукі: фрыкатыўны [г], [г’]; заўсёды цвёрдыя гукі [ч], [р] ізалявана (у гукапераймальных словах), у словах і фразах; гук [ў] у словах і фразах.

Звязнае маўленне
Фарміраваць уменні: адказваць на пытанні па змесце мастацкіх твораў, карцін і пры апісанні цацак; узнаўляць мастацкія творы на беларускай мове; ствараць асобныя выказванні, самастойныя па задуме і моўным афармленні; адрозніваць, параўноўваць мастацкія творы на рускай і беларускай мовах.

поделиться в: