Другая малодшая група. Выхаванцы ад 3 да 4 гадоў
Мэта: фарміраванне ўстойлівай цікавасці і станоўчых адносін да беларускай мовы, развіццё разумення беларускай мовы і станаўленне рэпрадуктыўнага маўлення дзяцей на беларускай мове.
Задачы:
развіваць: разуменне беларускага маўлення, першапачатковыя навыкі зносін на беларускай мове;
фарміраваць: уменне адрозніваць беларускае і рускае маўленне; навыкі ўзнаўлення кароткіх літаратурных твораў на беларускай мове;
выхоўваць асновы нацыянальнага светапогляду.
Маўленчыя зносіны
Развіваць уменне ўдзельнічаць у беларускамоўных зносінах па змесце твораў фальклору і мастацкай літаратуры (беларускія народныя пацешкі, простыя казкі, творы беларускіх пісьменнікаў для дзяцей).
Фарміраваць уменне ўважліва слухаць мастацкія творы на беларускай мове, адказваць на пытанні па іх змесце. Знаёміць з найбольш ужывальнымі формуламі беларускага этыкету (добры дзень, добры вечар, да пабачэння, дзякуй, смачна есці). Садзейнічаць праяўленню ўмення адрозніваць рускую і беларускую мовы.
Слоўнік
Фарміраваць уменне правільна называць асобныя прадметы навакольнага асяроддзя, іх якасці, дзеянні.
Граматычны лад маўлення
Пабуджаць і дапамагаць будаваць сказы на беларускай мове, сачыць за ўжываннем слоў у сказе ў правільнай форме. Адрозніваць словы з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі (галава – галоўка, кот – коцік, сонца – сонейка).
Гукавая культура маўлення
Праводзіць арфаэпічную работу, каб папярэдзіць змешванне слоў, падобных у рускай і беларускай мовах.
Фарміраваць уменне адрозніваць словы, падобныя ў рускай і беларускай мовах (лыжка – ложка, вушы – уши, нага – нога і да т. п.) у вымаўленні на слых.
Звязнае маўленне
Фарміраваць уменні: адказваць на пытанні па змесце мастацкіх твораў на беларускай мове, інсцэніраваць кароткія творы на беларускай мове; адрозніваць рускае і беларускае маўленне, мастацкія творы на рускай і беларускай мовах.